МІ́НСКІ МАСТА́ЦКА-ВЫТВО́РЧЫ КАМБІНА́Т,

прадпрыемства Мастацкага фонду Беларусі ў 1967—91. Створаны на базе маст.-афармленчых майстэрняў. Выконваў заказы па стварэнні твораў усіх відаў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, манум. і манум.-дэкар. работы, тыражаваў творы графікі і дэкар.прыкладнога мастацтва. Меў філіялы ў Барысаве, Вілейцы, Капылі, Маладзечне, Салігорску, Слуцку.

Камбінатам выкананы работы вял. грамадскага і маст. значэння: Манумент Перамогі, помнікі Я.Купалу, Я.Коласу, М.Багдановічу. М.Горкаму, афармленне Музея гісторыі Вял Айч. вайны, літ. музеяў Я.Купалы і Я.Коласа. Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі, кінатэатра «Масква», гасцініцы «Планета», стадыёна «Дынама», станцый метрапалітэна (усе ў Мінску), мемар. комплексы Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь, Курган Славы Сав. Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, Манумент у гонар сав. маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Ф.Скарыне ў Полацку, Дзіўнаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, афармленне шэрагу жылых, грамадскіх і вытв. пабудоў, рэсп. і замежных выставак і інш. Пасля некалькіх рэарганізацый з яго структуры вылучыліся Мінскае мастацкае прадпрыемства «Скульптурны камбінат» і прадпрыемства «Мастацкі камбінат».

т. 10, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)